Дзясятага лістапада ў межах навучальна-выхаваўчых экскурсій па беларускай літаратуры вучні 7-8 класаў наведалі ўнікальны помнік архітэктуры і абарончага дойлідства другой паловы XIII стагоддзя Камянецкую вежу, якая знаходзіцца ў горадзе Камянец Брэсцкай вобласці.
На ўзгорку каля ракі Лясная ўзвышаецца велічнае збудаванне, падобнае на вялізную шахматную ладдзю, што пры першай сустрэчы выклікае пачуццё гонару за гістарычнае мінулае нашай зямлі. Апынуўшыся ўнутры збудавання, вучні адчулі каларыт вежы, яе абарончае значэнне і пазнаёміліся з экспазіцыямі на кожным певерсе. Цікавым стаў той факт, што заснавальнікам вежы быў князь Уладзімір, які меў дачыненне і да нашага роднага горада Кобрына. Вучні даведаліся, што вежу называюць яшчэ і Белай, бо ніколі яна не была захоплена. Цікавым і займальным быў аповед экскурсавода. Дзяўчаты і хлопцы не баяліся задаваць пытанні, аналізаваць матэрыял, рабіць высновы. Сустрэча была запамінальнай і карыснай.