У зале аб гісторыі Пінскага краю вучні ўбачылі розныя прылады працы, абутак, упрыгожванні, якія насілі ў XII стагоддзі, гербы той самай пінскай шляхты. Было цікава даведацца пра войны і паўстанні, якія тут адбываліся, пра эканамічнае развіццё краю, пра вядомых пінчан — мастака Напалеона Арду і яго сястру Хелену Скірмунт. Са слоў экскурсавода, пазнаёміліся з жыццём мяшчан першай паловы XX стагоддзя, прадметамі мэблі, адзежы пінчан тых часоў, інтэр'ерам кватэры жыхароў, даведаліся пра гісторыю будаўніцтва «Пінскага мура» і лёс шляхецкіх дынастый, якія звязаны з гісторыяй Пінска.
Не меней цікава была пададзена інфармацыя пра гісторыю стварэння першага партызанскага атрада (кіраўнік В. З. Корж), пра гета, якое размяшчалася ў Пінску, і вызваленне горада, якое адбылося ў ліпені 1944 года.
Пра традыцыйны строй, абсталяванне для апрацоўкі лёну, розныя старадаўнія станкі (у тым ліку ткацкі і такарны), вырабы кавалёў і шматлікае іншае паведамілі ў этнаграфічным аддзеле музея, прысвечаным рамёствам і народным промыслам Піншчыны.

Апошняя экспазіцыйная зала была прадстаўлена жывёльным светам беларускага Палесся з чучаламі жывёл, якія водзяцца ў дадзенай мясцовасці. Дзесяцікласнікі тут зрабілі на памяць цікавыя фотаздымкі.

Наступным прыпынкам у працяг экскусіі было наведванне музея Я. Коласа ў Пінкавічах, дзе захоўваецца мноства розных успамінаў пра працу К. Міцкевіча. Музей, дарэчы, размяшчаецца на тым самым месцы, дзе ў пачатку XX стагоддзя жыў і тварыў вялікі дзеяч культуры і мастацтва Беларусі.
Старшакласнікаў вельмі ветліва сустрэла экскурсавод Жанна Мікалаеўна, якая ў цікавай форме апавядала пра цікавыя факты з жыцця песняра , прыводзіла прыклады цёплых ўспамінаў вучняў Коласа і многіх іншых людзей, з якімі ён меў зносіны і каля якіх жыў. Для вучняў была арганізавана гульня-квэст па экспазіцыйных залах музея. Гэта было не толькі цікава і займальна, але і запамінальна.
Тут жа, у Пінкавічах, юнакі і дзяўчаты 10 класа наведалі Музей піянерскай славы, у якім пазнаёміліся з гісторыяй стварэння і дзейнасці піянерскай і камсамольскай арганізацыі. Напрыканцы экскурсіі быў зроблены памятны фотаздымак.

Паездка атрымалася цікавай, змястоўнай, пазнавальнай і карыснай.